воскресенье, 7 марта 2010 г.

Нататкі ў начным цягніку


Частка 1. Агеньчыкі-вочкі

    Падарожжа ў цягніку. У Менск. Начным рэйсам. За акном цемра, толькі маленькія агеньчыкі далёкіх вёсак бы вочкі свецяць, глядзяць табе ў акно і жадаюць добрай дарогі. Яны цікуюць за цягнікамі, нібы старажылы сочаць за іх жыццём, прыслухоўваюцца да грукату колаў, што рэхам грымяць па наваколлю, зазіраюць у вокны, за якімі сядзяць падарожнікі. Яны зазіраюць у вочы людзям, нібы чытаюць іх лёсы, спачуваюць іх гору і шчыра радуюцца шырокім усмешкам…
   І я гэтаксама зімовай ноччу еду да сваёй каханай. Гляджу ў акно і ўсміхаюся тым загадкавым агеньчыкам.
   На вуліцы адліга. Снег вызваляе зямлю ад сну, нібы знімае коўдру пасля доўгай марознай ночы. Зіма саступае месца веснавому сонейку, саступае месца шчасцю, весялосці, каханню!
І я еду да каханай. Толькі робіцца самотна ад думкі, што наша жыццё, нашы адносіны – на адлегласці. Часовыя сустрэчы, кароткія – і зноў на тыдзень на адлегласці, нібы сядзіш у гурбе снегу і чакаеш адлігі. Сустрэчы ратуюць, даруюць табе асалоду, спаўняюць мару на імгненне, бо казалі сіноптыкі: на будні зноў чакаюцца маразы… і толькі цёплыя шапкі, рукавіцы, куртка ды мабільны тэлефон будзе ратаваць закаханыя сэрцы.
     Адлегласць мае дваякі сэнс: з аднаго боку яна акамулюе тыднёвы сум у жарснае аднадзённае незабыўнае каханне; а з іншага боку – з’ядае нервы, нараджае сваркі, непаразуменні. Цяжка з ёй спрачацца і вызначаць яе дадатныя і адмоўныя бакі. Яна проста існуе – яна выпрабоўвае! І ты або прымаеш яе або кідаеш ёй выклік: ідзеш у касу, купляеш квіток і імчыш насустрач каханню! Стаіш з букетам кветак ля пад’езда і не верыш, што яна вось тут за дзвярыма, і адлегласці – няма. Хаця, прабачце, яна стаіць побач і ўсміхаецца, бо любіць тых, хто не баіцца падарожнічаць, для каго ёсць нешта большае, чым проста падпарадкоўвацца абставінам.
      Лёс любіць моцных, авантурных, упэўненых, смелых і верных людзей. А агеньчыкі хатак усміхаюцца менавіта ім. Іншыя іх проста не заўважаюць. Яны кладуцца спаць, каб не заўважыць адлегласці і памыляюцца, бо адлегласці патрэбна глядзець у вочы, яе трэба разумець, адчуваць, з ёй не трэба мірыцца, ёй не трэба пярэчыць, а трэба проста зразумець, што яна часовая. Вечнымі застаюцца толькі агеньчыкі-вочкі… яны ўсміхаюцца падарожніку ў дарозе… кожнаму…

     Хутка чытайце працяг: частку 2,3 і 4. 

2 коммент.:

  1. Здаецца мне, што мы страцiлi сваю мову :( Добра што ты пiшаш па беларуску!

    ОтветитьУдалить